По материалам газеты “Культура” № 2 (1545) 07.01.2022 – 15.01.2022 г.
Автор: Петр Василевский
25 cтудзеня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася імпрэза пад назваю Modern Culture View. Гэта паказ узораў творчасці дызайнераў, чыя спецыялізацыя — мадэляванне адзення. Паказ суправаджаўся музыкай, харэаграфіяй, іншай эстэтычнай аздобай. Тэатр, што прадаставіў сваю сцэну і ўзяў на сябе рэжысуру мерапрыемства, меў статус афіцыйнага партнёра імпрэзы. Свой унёсак зрабілі таксама шэраг вытворцаў, выданняў, інфармацыйных парталаў ды іншых зацікаўленых структур і асоб.
Тое, што мне давялося пабачыць, можна назваць “тэатрам моды”, прынамсі — спробай стварэння яго. Калі сказаць пра згаданую імпрэзу коратка, было цікава. Імпрэза была падзеленая на дзве часткі. Першы паказ адбыўся а другой гадзіне дня, другі — а сёмай гадзіне вечара. Для гледачоў атрымалася не вельмі зручна. Паглядзець першую дзею, а потым некалькі гадзін чакаць другую пагодзіцца далёка не кожны. Але, відаць, такі расклад дыктавалі тэхнічныя абставіны.
Асабіста я да моды стаўлюся прагматычна. Прыгажосць вынікае з функцыі, а значыць, зручная рэч у любым выпадку будзе прыгожай. На карысць гэтай тэзы сведчаць традыцыйныя касцюмы народаў свету. Аднак ёсць выпадкі, калі функцыяй з’яўляецца сама прыгажосць. І вось тут на сцэну выходзіць “яе вялікасць Мода”. Хоць і кажуць, што мода — гэта тое, што хутка выходзіць з моды, нікому не хочацца выглядаць архаічна і лічыцца рэтраградам. Цалкам ігнараваць моду могуць толькі моцныя асобы з высокім статусам і аўтарытэтам. Астатнія вымушаны падпарадкоўвацца…
Базава ўся мода грунтуецца на двух стылях, у якіх увасоблена гендарная і сацыяльная сутнасць мужчын і жанчын. Для першых — “military”, для другіх — “sexy”. А ўнутры гэтага падзелу мноства асаблівасцей і нюансаў, шырокі спектр градацый ад звыклага практыцызму да дакладна выверанай эпатажнасці. Дарэчы, дызайн, і праектаванне адзення ў тым ліку, ніколі не бывае выключна функцыянальным. Эмацыйна-псіхалагічны чыннік і тут далёка не апошняя справа.
На імпрэзе, пра якую ідзе гаворка, панавала стылістыка, на якой выразна адчуваўся ўплыў беларускага псіхалагічнага кантэнту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прыгажосці і прыстойнасці тут і цяпер. Дэманстравалася адзенне для ўсіх ўзроставых груп — ад дзяцей дашкольнага ўзросту да жанчын, якім ёсць на што азірнуцца і што асэнсаваць і якія за побытавай завядзёнкаю не забываюць пра сваю прыналежнасць да прыгожай часткі чалавецтва. Распрацоўкі адзення выключна эксклюзіўныя. Тое, што робіцца ў адзіным экзэмпляры і зыходна не плануецца запускацца ў серыю. Паказу кожнай з калекцый папярэднічала харэаграфічная кампазіцыя, якая, паводле задумы рэжысёра, мусіла быць эмацыйным камертонам для дэфіле. Ідэя цікавая, але, на маю думку, гарманічнага спалучэння дэфіле і стылістыкі харэаграфічных кампазіцый, што ім папярэднічалі, не атрымалася. Магу і памыляцца, мо я проста не быў настроены на адпаведную хвалю і таму не адчуў таго, што відавочнае знаўцу моды як творчасці. Аднак у цэлым імпрэза атрымалася. Прыгожыя жанчыны ў прыгожай вопратцы — гэта самая простая і зразумелая формула прыгажосці як такой. Зала тэатра, прынамсі на вечаровым паказе, была запоўненая. Людзі прыйшлі па свята, і свята атрымалі.
Тую ж думку па выніках шоу, як мне падалося, маюць і арганізатары імпрэзы, бо дэкларавалі свой намер і надалей шчыраваць у гэтым напрамку і зладзіць наступную падобную акцыю ўжо ў сакавіку.